Публікацыі аб жыцці і творчасці

* У гэтым раздзеле прадстаўлены артыкулы друку на беларускай мове.
Матэрыялы на рускай і англійсках мовах знаходзяцца ў рускай і англійскай версіях сайта адпаведна.

У Мастацкай галерэі Савіцкага дэманструецца выстава «Правінцыя»

"Звязда", 5 мая 2018 г.

У Мастацкай галерэі Савіцкага дэманструецца выстава мастака Кастуся Качана «Правінцыя». У яго творчасці знайшло адлюстраванне жыццё мястэчак і невялікіх гарадкоў ва ўсёй іх прыгажосці: кожны знойдзе імгненне, злоўленае творцам, якое прыйдзецца даспадобы. Сімвалічнай стала назва экспазіцыі, якая налічвае больш за 80 палотнаў, і прысвячаецца Году малой радзімы. Вернісаж сабраў мноства гасцей, сярод якіх былі сябры, калегі і прыхільнікі таленту жывапісца.

Намеснік старшыні па арганізацыйных і творчых пытаннях Саюза мастакоў Беларусі Леанід Хобатаў адзначыў, што ў аснове стаўлення Качана да жыцця закладзена некалькі пастулатаў: Айчына і пачуццё радзімы, любоў да месца, з якім ён звязаны. Разам з тым прамоўца падкрэсліў адметнасць жанру пейзажа, паколькі гэта асобая форма ўспрыняцця свету.

Акрамя гэтага, са словамі падзякі выступіла намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Каралько. Яна адзначыла важны момант у развіцці культурнай інфраструктуры на роднай жывапісцу Навагрудчыне: адкрыццё адной з першых прыватных пляцовак у Беларусі, дзе спалучаюцца выставачныя залы і майстэрня карціннай галерэі Кастуся Качана.

Сярод ганаровых гасцей быў мастак Ігар Бархаткоў, які звярнуў увагу слухачоў на своеасаблівасць светабачання майстра, паколькі такога адчування маленькіх гарадкоў, мястэчак не было за ўсю гісторыю беларускага мастацтва. А Наталля Сяліцкая, мастацтвазнаўца, расказала пра актуальнасць пейзажа ў кантэксце беларускай культуры: у адрозненне ад еўрапейскай практыкі, ён будзе яшчэ доўгі час жыць і развівацца як самастойны жанр, праз які творца можа паўнавартасна ажыццяўляць свае ідэі. Была пададзена кароткая творчая характарыстыка мастака, згодна з якой ён з'яўляецца прадаўжальнікам пленэрнай і рускай рэалістычнай традыцый, у яго пейзажах гарманічна суіснуюць прырода і чалавек.

Сам Кастусь Качан, які коратка апісаў экспазіцыю: «Вы ўбачыце творы, якія я пісаў на працягу апошніх дзесяці-дванаццаці гадоў. Гэта і ёсць мой свет. Свет, які я вельмі люблю». Па заўвагах сяброў, жывапісец шмат плённа піша, не спыняючы працу на пленэрах нават у складаных умовах.

Выстава «Правінцыя» — доказ таго, што беларускае мастацтва жыве, працягваючы пэўныя кірункі і традыцыі славутых папярэднікаў. Не згубіцца сярод іншых творчых індывідуальнасцяў дазваляюць яркая манера і адметнае светаадчуванне. А пра талент сведчыць той факт, што творы Качана прызнаныя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой, і знаходзяцца не толькі ў фондах беларускіх музеяў і цэнтраў, але і ў прыватных калекцыях Бельгіі, Германіі, Літвы, Польшчы, Расіі, ЗША, Турцыі, Паўднёвай Карэі і іншых. «Правінцыя» дае магчымасць пабачыць свет вачыма творцы, адчуць яго і заўважыць прыгажосць у няхітрым на першы погляд сюжэце, успомніць дарагія сэрцу мясціны і больш уважліва прыгледзецца да таго, што мы бачым часта, але чаму звычайна не надаём асаблівага значэння. Наведаць экспазіцыю можна да 20 мая.

Арына Гардзей

Загаловак у газеце: «Любоў да месца, з якім звязаны»

Замалёўкi з правiнцыi

На сваёй малой радзіме – Навагрудчыне мастак Кастусь Качан стварыў галерэю

"Советская Белоруссия", 4 мая 2018 г.

Яго карціны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і маскоўскай Трацякоўцы. Палотны майстра купляюць замежныя прыватнікі і галерэі. А ён хоць і мае майстэрню на цэнтральным праспекце сталіцы, большую частку года аддае перавагу глыбінцы. Там жыве, там піша. Ураджэнец навагрудскага краю, мастак Кастусь Качан — з тых рэдкіх творцаў, якія не саромеюцца прызнаць свае вясковыя карані і ў слове «правінцыял» не бачаць нічога дрэннага.

Водар даўніны

Незвычайна для нашага часу, але ён ніколі не рваўся ў сталіцу. Цішыню правінцыі з юнацтва асэнсавана не мяняў на шум мегаполіса і магчымасці бліскучай кар’еры. Кастусь Качан нарадзіўся на хутары за два кіламетры ад Лаўрышава — аднаго з намоленых месцаў Прынёмання. Дзіцячыя ўражанні былі звязаны і з Любчай — тэрыторыяй былой рэзідэнцыі Радзівілаў, дзе захоўваецца гістарычная памяць пра часы Вялікага Княства Літоўскага. Юнаком Качан улюбіўся ў старажытны Навагрудак. Захапленне захаванай у Заходняй Беларусі старадаўняй архітэктурай паўплывала на вобразны рад мастака — яго творы, як правіла, насычаны выявамі храмаў, манастыроў, замкаў і векавых брам.

— Я шмат езджу па ўсёй Беларусі, але самыя любімыя тэрыторыі — Гродзенская, Віцебская, Брэсцкая вобласці. Той захаваны водар даўніны — яго нічым не падмяніць, менавіта ён мяне натхняе. Я ж, акрамя архітэктуры і прыроды, люблю пісаць людзей, — гаворыць мастак. — Не партрэтна, а ў кантэксце пейзажа. Люблю праглядаць праз гісторыю мястэчка лёс мясцовых жыхароў, іх настрой, характары. Люблю павольнасць і лічу, што самыя глыбокія філасофіі і самае пранікнёнае мастацтва нараджаюцца ўдалечыні ад асфальтавых «кайданоў». Вясковыя жыхары маюць больш часу прыглядзецца, паразважаць. Яны ўдыхаюць чыстае паветра, і розум іх святлейшы. Вяскоўцы бліжэй да прыроды, да Бога, а значыць, больш сумленныя і натуральныя. Не сапсаваныя штучнымі каштоўнасцямі сучаснага свету. Я сам не магу доўга дыхаць горадам. На вёсцы адчуваю ўсё танчэй. Там — я шчаслівы.

Пра лёс мастака

Пасля школы Качан паступіў вучыцца «на фізіка», сур'ёзна марыў пра адкрыцці ў навуцы, у 1975-м скончыў БДУ. Але яшчэ падчас сталічнага навучання стаў хадзіць у музеі, галерэі і настолькі захапіўся жывапісам, што вырашыў і ў гэтым сябе паспрабаваць. Чалавек з характарам, ён быў упэўнены, што і гэтая справа ў яго атрымаецца. У канцы 1970-х па заканчэнні ВНУ стаў вольным слухачом тэатральна-мастацкага інстытута, браў урокі ў прыватных мастакоў.

— Уяўляеце, я мог бы стаць выкладчыкам фізікі, а не мастаком. Але не фізік, а лірык з мяне атрымаўся. Прычым — прынцыповы лірык, бо я заўсёды хацеў і хачу не проста маляваць, а перадаваць праз фарбы на палатне свой светапогляд, неяк уплываць на людзей, падказваць ім адвечны сэнс, які тоіць прырода, — расказвае Кастусь Качан. — Калі шчыра, спробы пісаць у мяне яшчэ ў дзяцінстве былі. Потым — студэнцкі пакой як міні-майстэрня. Тут доўга вучыўся змешваць фарбы, бо гэта самае складанае — знайсці належны колер і пакласці яго ў «правільнае» месца на палатне. Не ведаю, як бы мне жылося ў ролі фізіка, але мастаком я пачынаў няпроста. Я гавару пра матэрыяльны бок, пра побыт. Прафесіі мастацкай прыходзілася вучыцца, каб куплялі работы, — трэба было дасягнуць, заслужыць. Першай маёй перамогай лічу тыя ж студэнцкія часы, калі да мяне ў інтэрнацкі пакой завітаў камендант і быў вельмі ўражаны работамі. Ён пранікся настолькі, што выдзеліў мне асабісты пакой, для творчасці. А яшчэ памятаю, калі купілі маю першую карціну — купіў музей. Уражаны гэтай падзеяй, я паехаў да маці, стаў хваліцца — першы ж заробак, на што мама пажартавала: «Павязло чарвяку на вяку!» Зрэшты, я даўно падзяліўся гэтым жартам з калегамі, ён ужо крылатым стаў, бо трапны такі. Пра лёс мастака, лёс, які ніколі не абяцае стабільнасці і поспеху...

Але поспех стаў нарастаць. Работы Качана і па сённяшні дзень, як гаворыцца, у цане. І матэрыяльная стабільнасць для мастака настала, але ён яе скарыстаў зноў-такі на творчую справу. Ён назапасіў суму і выкупіў у цэнтры Навагрудка кавалак зямлі з хлявамі, якія развальваліся. А потым заручыўся падтрымкай сяброў і збудаваў на амаль што нікчэмным з гістарычнага і культурнага пункта гледжання месцы… мастацкую галерэю.

— Навагрудак — гэта горад з вялікай і магутнай гісторыяй. І мне, як ураджэнцу навагрудскіх земляў, хацелася б, каб пра ўсю гэтую славутую сівую даўніну сучаснікі ведалі не толькі з кніжак ці інтэрнэту. Навагрудак можа і павінен быць адным з культурных цэнтраў не намінальна, а рэальна. Ён можа і павінен быць часткай пэўнага турыстычнага маршруту, «залатога кальца» па Беларусі, — дзеліцца Качан. — Але для гэтага трэба, каб у горадзе былі не толькі старажытныя аб'екты «ў форме», але і найноўшыя, сучасныя культурныя кропкі, якія б сведчылі: мастацкая, духоўная традыцыя гэтых мясцін захавалася, падтрымліваецца і працягвае жыць. Нам неабходна разрастанне інфраструктуры. Пакуль мы не зможам прапанаваць прыезджым утульныя ўмовы — пераначаваць, паесці, — некага чакаць. Наступным часам штосьці робіцца горадам у гэтым напрамку, дзякуй Богу. Будзем чакаць, калі раскруцімся і ў Навагрудак паедуць не адзінкавыя турысты, а буйныя дэлегацыі з розных куткоў Беларусі, з розных краін. Мая малая радзіма таго заслугоўвае.

Вернасць родным мясцінам

З родным кутом Качана звязвае і жыццё, і творчасць, і хобі. Мастак — пчаляр. Вялікага пчальніка няма — толькі дзясятак хатак, для Кастуся Іванавіча медазбор і клопат аб карысных кузурках — справа важная і вельмі асабістая: — Пчоламі займаўся мой бацька. Ён усялякімі спосабамі стараўся далучыць і мяне да пчалярства. Нават прымушаў глядзець, як усё робіцца, даваў самому на практыцы паспрабаваць. Мне ў дзяцінстве гэта вельмі не падабалася, я баяўся пчол. Бацька мяне сарамаціў, маўляў, не мужчынам расцеш. А потым ён памёр. Пчаліныя сем’і засталіся без догляду, я ж яшчэ малы быў, нявопытны. Тыя бацькоўскія пчолы загінулі, але ў гэтыя ж вуллі праз нядоўгі час прыляцелі новыя кузуркі, і я вырашыў: гэта лёс. Стаў старанна вывучаць пчалярскую навуку, раіўся з вопытнымі пчалярамі і цяпер сам стаў такім спецыялістам, што звяртайцеся да мяне — усё пакажу і раскажу.

Любоў да пленэраў і пчол, вясковае жыццё — усё гэта разам з каханнем прыняла і другая палавіна мастака, Жанна Леановіч. Муза і жонка творчага чалавека — асобная прафесія. Жанна Барысаўна абрала шлях ва ўсім давяраць і разумець свайго мужа, быць для яго паплечніцай і памочніцай. Сёння за Жаннай Леановіч-Качан — мастацкая галерэя ў Навагрудку: глядзіць за музеем, праводзіць экскурсіі і нават дапамагае ўзбагачаць інтэр’ер галерэі старажытнымі шляхецкімі прыладамі побыту. Напрыклад, адна з найбольшых калекцый тут — збор рарытэтнага посуду:

— З мастаком не надта лёгка жыць. Напачатку я, як і любая маладая жанчына-жонка, чакала да сябе асаблівай увагі, але потым зразумела, што творчасць — гэта першаснае для любімага чалавека, і трэба гэтую акалічнасць прыняць як аксіёму. Калі Кастусь задумвае нейкую новую работу, яго лепей не чапаць. Бывае, калі працуем у Навагрудку, па нейкай тэрміновай справе аклікну яго, а потым пашкадую, бо бачу — парушыла працэс, ён быў у парыве. Можа, дзесьці і ёсць спецыфіка суіснавання, але калі бачу яго карціны, тое, што выходзіць у выніку, — не магу не быць шчаслівай.

Ян ВАСІЛЁК

Свята мастацтва

Артыкул у газеце "Новае жыццё", г.Навагрудак,
24 чэрвеня 2015 г.

У суботу 20 чэрвеня (2015 г.) ў Карціннай галерэі вядомага мастака, члена саюза мастакоў Беларусі Кастуся Качана было шматлюдна. Тут вітала атмасфера мастацтва. У дзень першай гадавіны са дня адкрыцця галерэі павіншаваць Кастуся Качана прыйшлі яго сябры, калегі, проста прыхільнікі таленту мастака, і што вельмі прыемна, завітала шмат дзяцей. Госці знаёміліся з творчасцю мастака-пейзажыста, гучала жывая музыка ў выкананні юных артыстаў, маленькія мастакі пісалі карціны. Хвалюючай была сустрэча з мастаком.

– Вялікі дзякуй ўсім неабыякавым да маёй творчасці людзям, і наогул, да мастацтва. Я вельмі задаволены, што ажыццявілася мая даўняя мара, і ў мінулым годзе адкрылася карцінная галерэя. Я здолеў зрабіць тое, што даўно хацеў. Затрачана шмат і сіл, і сродкаў, але сёння я разумею, што не дарэмна, – падчас урачыстасці сказаў Кастусь Качан. – Сёння вы завіталі на першы юбілей галерэі. Вялікі дзякуй, што раздзялілі з намі гэта свята. На наступны год мы плануем зрабіць не толькі свята галерэі, але свята культуры. На працягу года будзем ладзіць розныя мерапрыемствы, ствараць тут куточак культуры. Запрашаем усіх навагрудчан і гасцей нашага горада завітаць да нас у галерэю, яшчэ раз дакрануцца да мастацтва.

У сваю чаргу гаспадыня галерэі Жана Барысаўна падзякавала ўсім прысутным, а таксама выкладчыкам мастацкай школы, дырэктару і настаўнікам сярэдняй школы №2, юным талентам за тое, што далучыліся да святкавання, за падтрымку.

– З’яўленне карціннай галерэі ў нашым горадзе, і тое, што побач жыве і працуе надзвычайны мастак – гэта адна са знакавых падзей ў нашым жыцці, – адзначыла падчас свайго выступлення дырэктар сярэдняй школы №2 А.Б. Сталярчук. – Мы вельмі ўдзячны гаспадарам галерэі за сапраўднае свята культуры. Прыемна, што на дзень нараджэння галерэі прыйшлі не толькі дарослыя, а завітала сюды шмат дзетак. Яны падзеляцца сваімі ўражаннямі з роднымі і сябрамі. Дзеці – наша будучыня. Здароўя вам, Кастусь Іванавіч і Жанна Барысаўна, росквіту вашай карціннай галерэі. Вялікі дзякуй! Кастусь Качан вельмі ўважліва адносіцца да творчасці дзяцей. У рамках свята быў праведзены конкурс дзіцячага малюнку. Пераможцы атрымалі ўзнагароды. Шмат цёплых слоў і пажаданняў прагучала ў гэты вечар у адрас мастака.

А.А. Буйкевіч, настаўнік мастацкіх дысцыплін школы мастацтваў. – Дзеткі, якія займаюцца ў школе мастацтваў частыя госці ў карціннай галерэі Кастуся Качана. Сустрэчы з вядомым мастаком вельмі ўражваюць і натхняюць. Аднак, нягледзячы на тое, што нашы мастакі зусім юныя, яны думаюць ужо аднолькава са знакамітым мастаком, бо іх аб’ядноўвае мастацтва. Дзе яшчэ, як не ў сапраўднай галерэі, можна пазнаёміцца з сапраўдным мастацтвам. Пасля такіх сустрэч, гутарак і майстар-класаў дзеці разумеюць, каб стаць вядомым мастаком – трэба шмат працаваць. Хочацца яшчэ раз сказаць Кастусю Іванавічу шчырае дзякуй за тое, што ён адкрыў галерэю ў нашым горадзе.

Вольга ПІСАР


Галерэя каля Замкавай гары

Газета "Рэспубліка", 6 жніўня 2014 г.

Гэты прыгожы будынак у самым сэрцы Навагрудка побач з Замкавай гарой не заўважыць нельга — сапраўдная шляхецкая сядзіба. Менавіта пра такую даўно марыў яе цяперашні гаспадар — вядомы беларускі мастак Кастусь Качан. Менавіта ў такім памяшканні здаўна хацеў адкрыць у родных мясцінах (сам ён ураджэнец вёскі Лаўрышава) карцінную галерэю. Таму за ўласныя сродкі выкупіў аварыйны дом у цэнтры горада і ў 2008 годзе ўзяўся за будаўніцтва.

Спецыяльны праект сядзібы ў стылі, уласцівым гістарычнаму Навагрудку, зрабіў знакаміты беларускі архітэктар Лявонцій Зданевіч. З месяц таму жаданае нарэшце здзейснілася: адна з першых у краіне прыватных карцінных галерэй — «Сядзіба мастака Кастуся Качана» — расчыніла дзверы для наведвальнікаў. У галерэі дзве прасторныя залы, дзе прадстаўлена каля 70 работ прызнанага майстра пейзажа і нацюрморта. Дрэвы, кветкі, сялянскія хаты, замкі і храмы, жнеі ў полі, млын… Асобнае месца ў экспазіцыі займае карціна «Зімовы вечар». Яе мастак называе знакавай, з яе ў 1980 годзе пачаўся адлік яго сур’ёзнай творчай дзейнасці. Паказаная ўпершыню, яна мела грандыёзны поспех, пасля якога маладога мастака заўважылі, а яго работы пачалі ўдзельнічаць у рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах. Цікавая падрабязнасць: па першай адукацыі Кастусь Качан — фізік, скончыў БДУ. Гаворыць, прымусіў сябе гэта зрабіць, бо ўжо на другім курсе фізфака зразумеў: не ў тыя дзверы ў свой час зайшоў, не адчуў, што менавіта маляванне, якім захапляўся з дзяцінства, павінна стаць справай жыцця. Але памылку тую выправіў — некалькі гадоў дыпламаваны фізік і вольны слухач Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вучыўся жывапісу. Сёння творы Кастуся Качана знаходзяцца ў многіх музеях краіны, у мастацкім фондзе Міністэрства культуры Расіі, фондах Беларускага саюза мастакоў, у Траццякоўскай галерэі, у прыватных калекцыях Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Сербіі, Аўстрыі, Францыі, Італіі, ЗША, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Кітая, В’етнама… Яго карціны ахвотна купляюць. Між іншым, гэта грашовая крыніца і стала асноўнай у фінансаванні будаўніцтва галерэі.

— Спачатку грошай было зусім мала, хапала толькі на тое, каб выкупіць стары будынак. Але мною рухала нейкая ўпэўненасць: грошы з’явяцца. І Бог дапамог. Відаць, так бывае, калі ў чалавека ёсць высакародная мэта і ідэя, якая ідзе на агульную карысць. Якраз у той перыяд у мяне пачалі добра раскупляць карціны, — прыгадвае Кастусь Іванавіч. Многія мастацтвазнаўцы называюць яго спеваком беларускіх мястэчак. Ён не спрачаецца і шчыра прызнаецца, што на самай справе вабяць яго сваёй някідкай прыгажосцю краявіды невялікіх заходнебеларускіх гарадкоў і вёсак, сярод якіх асаблівае месца займае Навагрудак з яго таямнічай энергетыкай старажытнасці і сілы. Сюды, гаворыць, яго заўсёды цягне як магніт, тут асабліва плённа працуецца. Дарэчы, на верхнім паверсе галерэі размяшчаюцца майстэрня мастака і жылое памяшканне. Так што да зімы, як мінімум, спадар Кастусь можа смела забыць пра гаманкі Мінск, сваю персанальную сталічную майстэрню і асталявацца ў Навагрудку. Тым больш што ёсць ужо і вартая плённага ўвасаблення новая творчая задумка — заняцца маляваннем партрэтаў, не хапае іх, лічыць, побач з пейзажамі ў экспазіцыі.

Разам з мастаком Мінск — сталіцу сённяшнюю на Навагрудак — сталіцу колішнюю змяніла і яго жонка Жанна Барысаўна. Шчыруе з ім побач у галерэі, гасцінна сустракае наведвальнікаў, праводзіць экскурсіі. А яшчэ збірае мясцовы старадаўні шляхецкі посуд, у калекцыі ўжо назапашана з дзясятак цікавых экзэмпляраў, для іх гаспадыня мае намер адвесці асобны куточак у адной з зал. Ёсць у пары і больш далёкія планы — аб’яднаць сядзібу з яшчэ адным будынкам. Ён, дарэчы, гістарычны, таксама выкуплены і знаходзіцца побач. Там, мяркуе мастак, маглі б праводзіцца зменныя выставы, займаліся б маляваннем дзеці. Знайшоўся і мецэнат родам з Навагрудка, гатовы гэтую ідэю падтрымаць фінансава. Словам, з цягам часу сядзіба будзе пашырацца і стане галерэйным комплексам. — Ведаеце, я вельмі задаволены, што нарэшце здолеў зрабіць тое, што даўно хацеў, пра што марыў. Адчуваю сябе шчаслівым, ганаруся, што цяпер у маім любімым Навагрудку, як і павінна быць у знатным старажытным культурна-гістарычным цэнтры краіны, ёсць карцінная галерэя — асяродак мастацкага жыцця. Дзеля гэтага, паверце, не шкада ні патрачаных сіл, ні часу, ні грошай, — узрушана гаварыў мне на развітанне Кастусь Качан — шырокай душы чалавек і шчыры патрыёт свайго краю.

Ірына СВІРКО isvirko@mail.ru/ Фота Кацярыны БЕСАРАБ и БЕЛТА


“Прыватны выпадак” прыватнай галерэі

Культурныя паслугі па месцы жыхарства

Газета "Культура" № 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г.

У нядаўнім адкрыцці галерэі Кастуся Качана ў Навагрудку ўзялі ўдзел Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, міністр культуры Барыс Святлоў, іншыя прадстаўнікі органаў улады. І ўжо толькі гэтая акалічнасць пераканаўча сведчыць: зялёнае святло з боку дзяржавы такім праектам забяспечана, а прыватная ініцыятыва — зусім не “наказуема”. Яе выключную значнасць для развіцця культуры сёння разумее кожны, і засталося толькі разабрацца з прыкрымі дробязямі ды ўдасканаліць алгарытм увасаблення сацыяльна карысных мараў. Важна і тое, каб захады працавалі ў комплексе, бы тыя часцінкі пазла ствараючы цэльны “культурны ландшафт”. Але ж з яго фарміраваннем у нашых гістарычных гарадах пакуль шмат праблем, якія наўрад ці маюць лёгкае вырашэнне.

Вымушаны навабуд

Жыў на свеце мастак. І болей за ўсё ён любіў маляваць краявіды, асабліва — роднай Навагрудчыны. Здавалася б, каго гэтым можна здзівіць. Але ў творчасці важная душа і майстэрства. Таму мастак займеў вядомасць, прыхільнікаў, пакупнікоў — і, як вынік, сякія-такія грошы. Як натура рамантычная, ён вырашыў патраціць іх не на патрыманы “Porsche Cayenne”, але на стварэнне ўласнай галерэі — вядома ж, у Навагрудку, дзе дагэтуль такога не існавала. І вось у двух кроках ад замка паўстала дыхтоўная камяніца, стылізаваная пад шляхецкія сядзібы.

Выйшаўшы на балкон уласнай майстэрні, мастак можа бачыць свае ўлюбёныя краявіды — і руіны вежаў, і Фарны касцёл... Але на гэтым ідылія сканчаецца: позірк ўпіраецца ў невыразную будыніну “жыццесцвярджальнага” зялёнага колеру. Мяркуючы па свежым сайдынгу, яе наўрад ці варта залічваць да архітэктурных пралікаў былой эпохі. Такія бесцырымонныя “ўварванні сучаснасці” сведчаць не толькі пра брак комплекснага архітэктурнага бачання. Гэта адзін з парадоксаў развіцця нашых усё яшчэ патэнцыйных турцэнтраў. Як быццам, яны ў задуменні топчуцца на ростанях, не ведаючы, што абраць: нуднаватыя, але рэальныя патрэбы альбо ашаламляльныя, але прывідныя перспектывы.

У выставачных залах адчуваецца шляхетная музейная атмасфера і пах свежага лаку. Агулам рэалізацыя праекта запатрабавала ад мастака дзевяць гадоў, прычым асноўны аб’ём будаўнічых работ быў зроблены яшчэ ў 2008-м, за якія пяць месяцаў. Таму планавалася, што адкрыццё галерэі зойме пачэснае месца ў праграме вялікага фэсту, прысвечанага ўгодкам Грунвальдскай бітвы, які прайшоў у 2010-м. Але каб давесці справу да ладу, ва ўласніка тады не хапіла сродкаў. І паколькі ні на субсідыі дзяржавы, ні на льготныя крэдыты “прыватнік ад культуры” спадявацца не можа, справа замарудзілася.

Ды і сама першапачатковая задума спазнала карэктывы. Кастусь Качан меркаваў выкупіць два гістарычныя будынкі, якія былі ў непрыглядным стане, ды стварыць там не проста галерэю, але невялічкі арт-цэнтр, здатны запрашаць на рэзідэнцыю айчынных і замежных мастакоў. Новае будаўніцтва планавалася толькі на стадыі пашырэння комплекса — гэта значыць, у светлай перспектыве.

Але ў выніку ўсё атрымалася зусім іначай. Адзін з тых дамкоў мастак набыў разам з участкам за досыць невялікую суму. А ў другім цяпер працуе звычайная крама.

— Гэты будынак знаходзіўся ў прыватнай уласнасці, прычым гаспадароў там было шмат, і ў гэтых варунках цяжка прыйсці да згоды, — распавядае Кастусь Качан. — Адзін хацеў прадаваць, другі не хацеў, і цягнулася тое гады два. Потым, калі справа, нібыта, вырашылася, балансавы кошт атрымаўся завялікім — 52 тысячы долараў. І я зразумеў: давядзецца будаваць новую камяніцу.

Твор архітэктара Лявонція Зданевіча — амаль эталонны ўзор таго, якім павінен быць “навабуд” у гістарычным месцы. А вось той старэнькі дамок з ахоўнаю шыльдаю ды забітымі вокнамі, які яшчэ не так даўно можна было ўбачыць на подступах да замка, некуды знік. Грамадскасць, натуральна, усхвалявалася. І гэта зразумела: ніякі дыхтоўны навадзел не можа замяніць нават самы шараговы ўзор гістарычнай забудовы.

Як распавёў мастак, замены і не адбылося. Будынак галерэі паўстаў на той частцы пляцоўкі, дзе раней былі прагнілыя “шпакоўні”. А што да самога помніка спачдыны...

— Дом цікавы, але... аварыйны, — тлумачыць Качан. — Спецыялісты, якія рабілі абследванне, прыйшлі да высновы, што для эксплуатацыі ён непрыдатны, і адзінае выйсце — разабраць і адбудаваць наноў паводле выкананых абмераў. Дазвол на гэта быў атрыманы, і працы, як бачыце, ужо вядуцца.

І сапраўды, за парканам заўважны відавочныя прыкметы будаўнічай актыўнасці. Пакуль яшчэ ў сутарэннях — хаця б яны, хочацца верыць, застануцца аўтэнтычнымі. У дадатак, высветлілася, што гэты дом мастаку ўжо не належыць.

— У мяне не засталося ні сіл, ні сродкаў, таму я намовіў узяцца за будынак свайго земляка, чалавека заможнага, — распавядае Кастусь Качан. — Ён прызнаўся, што грошы яму не трэба — хочацца нешта зрабіць для Навагрудка. Тут будзе зала для выставак і камерных імпрэзаў, а ўверсе — тры пакоі для мастакоў, якія б прыязджалі на пленэры.

Пытанні юрыдычнага статусу прыватных музеяў вырашаюцца па-рознаму. Некаторыя наогул лічаць за лепшае яго не мець (што, аднак, поўнасцю выключае легальную камерцыйную дзейнасць, уключна нават з продажам квіткоў), некаторыя рэгіструюцца ў якасці аграсядзібаў. Кастусь Качан вынайшаў “ноу-хау”.

Дамок быў набыты як жылы. Праз нейкі час ён дэ-юрэ пераўтварыўся ў “комплекс будынкаў карціннай галерэі”. Гучыць гэта паважна, але нясе і шмат праблем. Уключна нават з “камуналкай”, якая для падобных установах налічваецца зусім па іншых, “камерцыйных” тарыфах. Таму ў выніку юрыдычных пературбацый дом ізноў стаў жылым, а Кастусь Качан зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрмальніка, які мае права аказваць “паслугі па месцы жыхарства”.

Адсюль і выснова: энтузіяст знойдзе выйсце з любой сітуацыі. Але, вядома, было б куды лепей, каб такі вельмі “прыватны выпадак”, як прыватная галерэя, займеў уласную юрыдычную базу, адэкватную свайму камерцыйнаму патэнцыялу.

Лішне нават казаць, што ён пакуль нулявы. Квіток у галерэю каштуе ажно дваццаць тысяч, але прыбытку — ніякага. Зрэшты, яно і зразумела. Большасць турыстаў прамінае Навагрудак ледзь не транзітам: паглядзелі галоўныя адметнасці — і далей у шлях. Чаму так стаецца, тлумачыць, пэўна, не трэба.

“Слаёны пірог” гісторыі

Інфраструктура цэнтра Навагрудка — даўно ўжо “притча во языцех”. Прыкметай прагрэсу за 5-7 апошніх гадоў стала з’яўленне ў кавярні (адзінай ва ўсёй турзоне!) нармальнага кававага апарату — раней была толькі распушчальная. Але напагатове і больш радыкальныя зрухі: на цэнтральнай плошчы будуюцца два гатэлі. Алгарытм аднолькавы: знесці старую камяніцу і зрабіць яе рэпліку — натуральна ж, адаптаваную да патрэб інвестара.

Можна доўга спрачацца пра дапушчальнасць такога падыходу, і праўда ў кожнага будзе свая. Актывіст у справе аховы спадчыны абавязкова зазначыць, што пры сучасным развіцці тэхналогій “безнадзейных” помнікаў быць не можа. Уласнік будзе спасылацца на будаўнічыя нарматывы, ад выканання якіх залежыць бяспека людзей, а таксама, зразумела ж, на каштарыс.

Напэўна, кампрамісным варыянтам можа стаць захаванне калі не гістарычнай цэглы, дык хаця б гістарычнага аблічча помніка. Тым больш, і з гэтым пакуль праблемы. Прыкладам, не так даўно на той самай плошчы адкрыўся пасля рэканструкцыі Раённы дом культуры. Падзея папраўдзе доўгачананая: рамонт ішоў не адзін год, месцічы цярпелі праз адсутнасць цэнтральнай “культурнай” пляцоўкі... Праблема толькі ў тым, што выгляд гэтай гістарычнай камяніцы, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, змяніўся бадай да непазнавальнасці: знікла ляпніна на фасадзе, паўкруглы франтон... Карацей, усё тое, што і ўяўляе з сябе асаблівасці, неабходныя для надання аб’екту статуса помніка.

Зрэшты, як патлумачыла загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко, цяперашні выгляд — часовы. Здадзена першая чарга аб’екта, і наступным этапам стане аднаўленне тых пакуль што страчаных адметнасцяў. Пра тэрміны даведацца не ўдалося.

Адзін са згаданых гатэлей — акурат той даўгабуд “Еўропа”, які мала хто ўжо спадзяваўся пабачыць. Тым не менш, работы на ўчастку сёлета аднавіліся ды ідуць поўным ходам. Прычым поруч з будаўнікамі працуюць археолагі. Раскопкі вядуць валанцёры — мясцовыя шкаляры-старшакласнікі пад кіраўніцтвам дасведчанага спецыяліста.

— Я прыехала на колькі дзён, а затрымалася на месяц, — распавядае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Ганецкая. — Вось і сёння мы думалі, што дайшлі да “мацерыка”, але... адкрыўся яшчэ пласт, цяжка пакуль вызначыць, якой эпохі.

Прэамбула простая. Гаспадар аб’екта, вядомы будаўнік Валерый Поткін, — чалавек адказны, і таму перад пачаткам работ запрасіў археолагаў. Спацыялісты пачалі капаць... і не могуць скончыць. Невялічкі па сваіх памерах шурф паглябляецца ўсё далей і далей. Спачатку XVIII стагоддзе, потым — XVI, затым... Артэфактаў — поўны кош, але больш каштоўным можа стаць новае пра гісторыю горада.

— Калі б такія даследванні праводзіліся часцей, можна было б вызначыць трасіроўку сярэднявечных вуліц, — распавядае Ірына Ганецкая.

Варта адзначыць дзве акалічнасці. Па-першае, раскопкі праходзяць, фактычна, у адвольным месцы цэнтра Навагрудка. То бок, тут дзе ні капні — занурышся ў глыбіню стагоддзяў. І па-другое — паводле айчыннага заканадаўства, археалагічныя даследванні павінны папярэднічаць любым будаўнічым работам, якія закранаюць “гістарычную глебу”. Лішне казаць, што на практыцы гэтага не адбываецца, і археолагаў замяняе экскаватар.

Лёс раскопа ды выяўленых у ім рэшткаў драўляных пабудоў пакуль да канца не вызначаны. Але вядзецца размова пра стварэнне на гэтым месцы археалагічнай экспазіцыі — непасрэдна ў гатэльным дворыку. Неаспрэчна, тое будзе куды лепшая прынада для наведвальнікаў за які-небудзь банальны салярый.

Шлюб у галерэі

На пачатку галерэя працавала па сапраўдным музейным графіку — пяць дзён на тыдзень. Цяпер — толькі ў пятніцу ды выхадныя. Прычын некалькі: і наведвальнікаў пакуль небагата, і персанал прадстаўлены толькі самім мастаком ды ягонай жонкай.

На сёння ў дзвюх залах экспануюцца творы гаспадара, але ён абедзвюма рукамі за тое, каб сюды прыязджалі і зменныя выстаўкі, а яго землякі маглі, як кажуць, “далучыцца да хараства”. Раней для гэтага папросту не было належнай пляцоўкі. Але экспазіцыйная прастора прыватнай галерэі задаволіць нават самых патрабавальных.

Праблема толькі ў адным: гэтыя выстаўкі павінен нехта арганізоўваць. І, адпаведна, несці сякія-такія выдаткі — на транспарціроўку твораў, друк афіш і буклетаў ды вернісажны “келіх шампанскага”. Для адной асобы яны завялікія, але для мясцовых улад — наўрад ці. І выстаўкі — гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, якія з’явіліся пасля адкрыцця галерэі.

— Натуральна, супрацоўніцтва гэтае мы абавязкова будзем наладжваць, — кажа начальнік аддзела ІРКСМ Марына Шабановіч. — Думаю, Кастусь Іванавіч не дасць схлусіць, што мясцовыя ўлады ставяцца да яго ініцыятывы з вялікай павагай.

Сам мастак пагаджаецца: паразуменне тут і сапраўды поўнае. Застаецца толькі ўвасобіць яго ў нейкія канкрэтныя праекты.

— Думаю, да твораў Кастуся Качана цудоўна дапасаваліся б рэканструкцыі абрадаў нашага краю. Той жа “Багач”, напрыклад, — дзеліцца сваімі ідэямі Наталля Жышко. — Альбо, скажам, камерныя канцэрты старадаўняй музыкі Беларусі...

Балазе, выконваць яе ёсць каму ў Навагрудку, ды і першы досвед ужо меўся: высокіх гасцей на адкрыцці вітаў калектыў настаўнікаў Школы мастацтва, і ўсім вельмі спадабалася. Без сумневу, падобныя дзеі (наўрад ці да іх падыходзіць моднае слова “анімацыя”) ацанілі б і турысты.

Дарэчы, што да абрадаў... Як распавёў мастак, да яго ўжо пачалі звяртацца маладыя — з просьбай зарэгістарваць шлюб альбо правесці фотасесію ў гэтай цудоўнай атмасферы.

Дарэчы, што да абрадаў... Як распавёў мастак, да яго ўжо пачалі звяртацца маладыя — з просьбай зарэгістарваць шлюб альбо правесці фотасесію ў гэтай цудоўнай атмасферы.

І сапраўды, галерэя — не толькі новая культурная пляцоўка, а яшчэ і адна з “першых ластавак” таго Навагрудка, што з’яўляецца не “проста райцэнтрам”, але той культурнай і турыстычнай “мекай”, пра якую многія мараць ужо столькі гадоў. Ластаўка вясну не робіць, аднак... Як распавёў мастак, над навагрудскімі ўзгоркамі лунае шмат задумаў. Прыкладам, воданацяжная вежа непадалёк ад замка неўзабаве мае пераўтварыцца ў рэстаран з агляднай пляцоўкай, ды і Лявонцій Зданевіч атрымаў новы заказ...

Некалькі апошніх гадоў Кастусь Качан бывае ў Мінску хіба наездамі: Навагрудак зрабіўся яго сталым месцам жыхарства. І хаця з гэтай прычыны ўзніклі сякія-такія праблемы (“Не ўсе пакупнікі да мяне цяпер даязджаюць”), але... мастак не губляе імпэту ды аптымізму.

— Як я адужаў гэтыя клопаты? — Качан адказвае на тое пытанне, што я прыхаваў наастачу. — Ну, ведаеце, я ж хлопец сялянскі, гаспадарлівы, турботаў не баюся. І вось, неяк падумалася: калі не я, дык хто?

Аўтар: Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты "Культура"


Рака часу. Космас архаікі ў рытмах будзённага

Часопіс "Мастацтва" №3 2007

Многія творы Кастуся Качана надзвычай архаічныя. Архаіка яго жывапісу шматпланавая па сутнасці, мае трывалы поступ і ў той або іншай ступені працінае ўсе ягоныя творы, мае глыбока нацыянальны характар і ўжо гэтым далучае мастака да кагорты адметных творцаў зямлі беларускай... Абазначыць яе характар і параметры — задача не з лёгкіх, і арыентавацца ў яе распазнанні лепей праз прыярытэты традыцыйнай культуры...

Што малюе Кастусь Качан?

Сцвярджэнне, што жывапісец піша вёску, жыццё і побыт нашых мястэчак, — справядлівае. Але яно не цалкам характарызуе яго жывапіс, бо акрэслівае толькі тэматычны напрамак. Сутнасць творчасці гэтага мастака больш глыбокая і маштабная — праз жывапіс творца з рэальнага жыцця вылучае прастору вечнасці, якую можна знайсці нават у асяродку імклівых працэсаў урбанізацыі.

Мабыць, кожны, хто трапляе з буйнога горада ў невялічкае мястэчка, заўважае, што там рытмы жыцця прыцішаныя, а час як вымярэнне раўнавагі расцягваецца ў прасторы, і таму многія рэчы, якія звычайна застаюцца па-за ўвагай у вялікіх гарадах, нібы патрапіўшы пад павелічальнае шкло, выступаюць на першы план.

Да прыкладу — пахаванне чалавека.

У мегаполісе іх адбываюцца дзесяткі, а можа нават сотні за дзень. Таму гараджане прызвычаіліся да іх як да паўсядзённай побытавай справы, накшталт язды транспарту па вуліцах або працы святлафораў на перакрыжаваннях. Добра, калі звычайны прахожы прыпыніцца ці хаця б падумае — «хто?», «чаму?», «навошта?»... — для большасці нават на гэта не стае часу.

У маленькім правінцыйным гарадку альбо на вёсцы ўсё выглядае інакш. Пахаванне там набывае ўрачыстую манументальнасць, веліч цырыманіялу і касмаганічнасць яго значэння. Гэта выяўляе Кастусь Качан у кампазіцыі «Апошні шлях хрысціяніна» (1984)...

Адметнасцю карціны з’яўляецца дакладна вызначаная мастаком мера судачыненняў рэалістычнага алейнага пісьма з шэрагам знакавых вобразаў і сімвалаў.

Вось дрэвы на заднім плане палатна... Яны такія трапяткія, памкнутыя да неба, нібы душы людзей у пахавальным шэсці. У гэткай жа манеры, а можа з яшчэ большай мерай дакладнасці, увасоблены выявы крыжоў і помнікаў на могільніку, праз шэрагі якіх рушыць працэсія. А яшчэ драўляны плот на першым плане — нібы містычны хранометр з жардзінамі-рысамі адліку прасторы жыцця.

На гэтым натуралістычнасць карціны завяршаецца, і пачынаюцца сюррэалістычныя імпрэсіі...

...Ад брамы на першым плане ў глыб могільніка рушыць натоўп людзей, які выглядае магутнай хвалістай ракой, што цячэ бесперапынна і напорыста... Вобраз сфарміраваны праз абагульненне колерам усёй масы пахавальнай працэсіі. І формаўтварэнне гэтае, нібы сакральнае зерне карціны, энергічна ўплывае на агульную прастору кампазіцыі.

Фармалізаваная да аголенага сімвалізму «рака» чалавечых постацей, тым не менш, выглядае нечым рэальным і праўдзівым. Бо на ўзроўні падсвядомасці паўстае для гледача самым галоўным у адлюстраванай на палатне карціны падзеі.

«Рака», што шырока пачынаецца ад брамы могілак на першым плане кампазіцыі і звужаецца да кропкі ў сярэдзіне палатна, — нагадвае стралу, што візуальна скіроўвае позірк гледача на шлях да Храма. Падтэкст гэтай вобразнасці просты і даступны кожнаму: шлях да Храма — галоўнае ў жыцці чалавека.

Адна з вядучых роляў у раскрыцці тэмы гэтага твора належыць каларыстычнаму вырашэнню. Дамінуючы кантраст светлага (умоўна белага снегу) і цёмнага (умоўна чорнай плямы натоўпу і змрочна-шэрага неба з дрэвамі на яго фоне) падкрэслівае манументальную ўрачыстасць сюжэта.

Яшчэ адзін, віртуозна выкарыстаны ў кампазіцыі мастацкі сродак — гульня суадносінаў мас і рытмаў...

Выразна падкрэсленая маса Храма дамінуе над натоўпам, а неба паглынае выяву царквы. Мізэрнымі на фоне выяваў галоўных у карціне вобразаў-сімвалаў выглядаюць дробна азначаныя шматлікія крыжы і помнікі могілак; падобныя на зоркі, яны гатовыя ў любую хвіліну знікнуць у прасторы.

У якасці сэнсавых дамінантаў Кастусь Качан выкарыстоўвае часам стылістычна адрозныя мастацкія прыёмы і выяўленчыя прынцыпы. То ён выводзіць на першы план вобраз, вырашаны праз сімвал-знак і пазбаўлены прыкметаў побытавага натуралізму, а рэалістычныя выявы выкарыстоўвае ў якасці дадатковых, удакладняючых элементаў, то наадварот — праз колеравыя нюансы і акцэнты надае суцэльна натуралістычнаму жывапісу ўзмоцненую ледзь не да містыфікацыі сімволіку і значнасць.

Усе гэтыя творчыя вынаходкі лагічна і з тонкім пачуццём гармоніі аб’яднаныя між сабой і падначаленыя агульнай мэце — удумліваму раскрыццю мастацкай задачы.

У такім рэчышчы цягам ужо некалькіх дзесяткаў гадоў развіваецца творчасць мастака, якая сродкамі канцэптуальнага жывапісу апавядае пра штосьці вельмі важнае, сутнаснае ў менталітэце беларуса. Хоць іншым разам у карцінах Качана назіраюцца спробы эстэтычнага «прыхарошвання» брутальных па змесце сюжэтаў.

Ну якая прыгажосць можа быць у сцэне заколвання парсюка або ўборкі бульбы, жніва або стрыжкі авечак?

Але гэтыя сцэны, для кагосьці нецікавыя або нават агідныя, на самай справе з’яўляюцца харызматычнымі ў рэчышчы традыцый нашай культуры і выяўленчага мастацтва. Згадайма ілюстрацыю Францыска Скарыны пачатку шаснаццатага стагоддзя са сцэнамі жніва да кнігі «Руф», гравюру семнаццатага стагоддзя з сюжэтамі сяўбы (Аляксандр Тарасевіч, «Кастрычнік», Глуск, 1672), твор дзевятнаццатага стагоддзя Францішка Смуглевіча «Літоўскія сяляне» ці «Жніво» Міхася Сеўрука, напісанае ў трыццатых гадах ХХ стагоддзя.

Беларуская выяўленчая этнакультура пранесла вобраз чалавека працы, чалавека ад зямлі і на зямлі праз вялікую гісторыю, узняўшы яго да ўзроўню сімвала, знака, архетыпу высокага мастацтва, арыентаванага на духоўныя прыярытэты нацыі.

Чыста вонкава жывапіс Кастуся Качана просты паводле сюжэтаў — рэчкі і дрэвы, палі і жывёлы на іх, хаты і храмы, закінутыя вёскі і адзінокія постаці ля панурых хат. Але чаму гэтае мастацтва так моцна «чапляе за жывое» не толькі звычайнага вяскоўца? Адказ просты — калі не счарсцвела душа і чалавек захаваў у сабе адкрытасць да духоўнага, сутнасны патэнцыял жывапісу мастака знойдзе шлях да свядомасці і пачуццяў любога гледача.

Тэма вечнага і вечнасці як вядучы лейтматыў у жывапісе Кастуся Качана знайшла ўвасабленне ў розных творах жывапісца, пазбаўленых прыкметаў часу. Іх сюжэты ў роўнай ступені маглі разгортвацца як сёння, так сто гадоў таму.

Адухаўленне рэчавага свету вясковага побыту, у атачэнні якога адбываюцца дзеянні карцін Качана, — адна з вядучых прыкмет архаічнага ладу яго выяўленчага мыслення. Гэта ёсць і ў кампазіцыі «Травень» (2006), дзе большую частку палатна займае квяцісты луг і толькі на ўскрайку заўважаем хаціну, ды не ў «поўны рост», а ўсяго толькі яе верхнюю частку і дах, гэтаксама як і ў жывапісным творы «Хутар» (2001) ці ў кампазіцыі «Лета ў Вуглах» (1990), дзе з-за бугра высоўваецца кавалак хаты, або ў «Сярэдзіне лета» (2002) ды іншых — хаткі нібы дзяўчаткі-жартаўніцы хаваюцца то за гарамі, то за буграмі, то за ландшафтнай прасторай, сціпла дэманструючы гледачу толькі нейкі фрагмент уласнай забудовы, і нібы падміргваюць камусьці акенцам ці двума.

Гэткая, з першага погляду малапрыкметная, улюбёная кампазіцыйная інтрыга, якую даволі часта практыкуе мастак у жывапісных палотнах, — не толькі «смачны» элемент мовы архаікі ў творчасці Кастуся Качана, але і бліскучы аргумент пры стварэнні любой выставачнай экспазіцыі, які дазваляе «перабіваць» шэрагі класічна пабудаваных жывапісных кампазіцый лёгкім акцэнтам, своеасаблівай фрывольнасцю.

Падобны прынцып пабудовы твора выкарыстоўвае мастак і пры напісанні карцін з сюжэтамі пра помнікі дойлідства Беларусі і іншых краін, якія наведваў апошнім часам з персанальнымі выстаўкамі, — Польшчы, Чэхіі, Германіі...

Звычайна мастак пазбягае лабавых інтэрпрэтацый аб’ектаў свайго мастацкага зацікаўлення. Ён нібы вуаліруе помнік вынесенымі на першы план дадатковымі сюжэтамі-абярэгамі, якімі, часцей за ўсё, бывае натуральны куточак прыроды.

Вельмі часта функцыю вонкавага абярэгу выконвае сюжэт пранікнёна напісанай ракі — парослай траўем, як у кампазіцыі «Храм» (2001), дзе галоўным фігурантам твора з’яўляецца Сынкавіцкая царква, або — чыстай, што адлюстроўвае ўзнёслую архітэктуру забудовы («На Пакровы», 2006; «Лета»,1996; «Блакітная царква», 1997; «Вясна ў Пінску», 2003).

Апагеем водна-семантычнай сюжэтыкі першага плана ў творах з помнікамі даўніны з’яўляецца палатно «Вада, зямля і неба» (1997).

...Цёмная, поўная таямніц і чараў, касмаганічных вібрацый стыхія вады зімовай рэчкі, здаецца, запаланяе не толькі большую частку карціны... Уражанне, што яна прысутнічае за рамай палатна, перацякае ў свядомасць гледача і пранікае свінцовай важкасцю нават у аддаленыя яе куточкі.

Вастрынёй бліскаўкі-маланкі разразае спакойную, шырокую водную прастору ракі доўгая лінія кладкі, канец якой ледзь не растае ў перспектыве краявіду. Рух яе стромкі і парывісты, а мэта тых, хто ёю карыстаецца, відавочная і апазнавальная — храмы за дрэвамі на гарызонце, у атачэнні невялікай вёскі. Там, на другім беразе ракі, узнёслыя абрысы царквы і касцёла перакрыжоўваюцца з гарызанталлю побытавых забудоў, і судачыненне гэтае, лёгка і проста абазначанае жывапісцам, падобнае на імклівы рух рукі чалавека ў час малітвы — ад ілба ўніз па вертыкалі, а потым ад аднаго да другога пляча па гарызанталі. Рух растаў, а малітва засталася — вось такое пачуццё і ўражанне ад карціны.

Як бачым, храмы, як і вясковыя хаткі ў творах Кастуся Качана, прыхаваныя, прыкрытыя «шырмай» сюжэтаў першых планаў, яны спакваля «сузіраюць» белы свет. Яны пануюць у другіх і трэціх планах, у падтэкставай фабуле карцін жывапісца, аддаючы прасторавы прыярытэт у кампазіцыі палатна неспасціжнай прыгажосці беларускай прыроды, якая і ёсць яго галоўны персанаж.

Радзіма жывапісца — Наваградчына. Атмасфера і дух, харызма старажытнай мясціны гартавалі не толькі прыўзнятую грамадзянскую пазіцыю мясцовага насельніцтва, але і інтэлектуальнае поле соцыуму, уплывалі на фарміраванне менталітэту. Кастусь Качан з маленства цікавіўся гісторыяй і надзвычайна любіў прыроду роднага краю. Адсюль і прыярытэты яго мастацтва, сярод якіх — улюбёная тэма малога беларускага горада з вялікай гісторыяй. У шэрагу карцін гэтай тэматыкі на першым месцы родны Наваградак з яго гісторыяй — «Наваградак зімой» (1988), «Базарны дзень у Наваградку» (1990), «Наваградак» (1990), «Зіма ў Навагрудку» (1991). Найболей знакавым, стрыжнявым для гэтага цыкла з’яўляецца твор пад назвай «Вечнасць» (1988).

Усю прастору пярэдняга плана кампазіцыі займае вялікі крыж, што ўзвышаецца над Наваградкам. Такія крыжы продкі ставілі на высокіх узгорках як перасцярогу ад войнаў, голаду і чумы. На другой гары вядуць умоўную пераклічку між сабой адухоўленыя сутнасці ў выглядзе рэшткаў замкавых вежаў. Дамы і хаткі мястэчка, змешчаныя ў лагчыне між гарамі, ціхенька сузіраюць, як вядуць патаемныя перамовы высока ўзнятыя гісторыяй і лёсам каменныя старажылы.

Энергетычны пласт карціны фарміруюць кантрасты колеравых спалучэнняў — цёмнага начнога неба з флюарэсцэнтным свячэннем белага снегу. Адчуванню драматызму спрыяе і дынаміка вертыкаляў — узнёслы крыж, стромкія сілуэты парушаных вежаў замка. Ёй супярэчыць дынаміка гарызанталяў — панарамны сілуэт гарадской архітэктуры, нябесныя «струны» хмараў, высветленых начным свяцілам.

Творчыя інтарэсы Качана не абмяжоўваюцца цікавасцю да сілуэтаў Наваградка. Адметнасць сучаснага ладу жыцця малых гарадоў і мястэчак з вялікай тысячагадовай гісторыяй прыцягнула ўвагу жывапісца. Ён напісаў на гэтую тэму шэраг карцін — «Зіма ў Нясвіжы» (2004), «Правінцыя» (1989), «Хрэсны ход ва Уселюбе» (1990), «Мястэчка Мір» (1991)... Іх адметнасць у тым, што ў комплекс прыярытэтаў, якія характарызуюць сутнасны шэраг твораў Качана — традыцыйная архітэктура, этнакаларыт жыцця вясковага чалавека, лагодная прыгажосць і знакавая адметнасць беларускай прыроды, хрысціянскія каштоўнасці, — увайшла яшчэ адна іпастась. Вызначаецца яна характарыстыкай застылага часу ў прасторавым і побытавым вымярэннях жыцця беларускіх вёсак і малых гарадоў: штосьці ад вечнасці і вечнага, што ў той або іншай ступені прысутнічае ў многіх творах мастака, бо грунтуецца на падмурку вялікіх ісцін жыцця ў сусвеце.

Таццяна Гаранская



"Ранак-Плюс", 7 чэрвеня 2006 г.


"Народная Газета", 12 верасня 2001 г.


"Народная Воля", 3 сакавіка 2000 г.


"Книжный мир", №9 (50), 2 сакавіка 2000 г.


"Літаратура і Мастацтва", 1 красавіка 1994 г.


Вярнуцца